змена ў часе інтэнсіўнасці выпрамянення асобных участкаў паверхні Сонца. Праяўляецца ва ўсёй сукупнасці нестацыянарных працэсаў на Сонцы і ў яго атмасферы: рэгулярным узнікненні плям, пратуберанцаў, факелаў, успышак і інш., нарастанні ультрафіялетавага, рэнтгенаўскага і радыёвыпрамянення.
Большасць гэтых з’яў цесна звязаны паміж сабой і ўзнікаюць у т.зв. цэнтрах актыўнасці, дзе выходзяць на паверхню магутныя магн. палі, што сведчыць аб агульнай прыродзе праяўленняў С.а. — сувязі з магн. полем Сонца. С.а. мае цыклічны характар — перыяд каля 11 гадоў. Пры змене цыкла С.а. мяняецца палярнасць агульнага магн. поля Сонца, а ў групах плям — палярнасць вядучай плямы; т.ч.магн. поле вяртаецца да агульнай канфігурацыі праз 22 гады. Мерай С.а. служыць Вольфа лік. Звычайна яго значэнні ўсярэдніваюць па месяцах ці гадах і будуюць графік залежнасці С.а. ад часу. С.а. значна ўздзейнічае на працэсы, якія адбываюцца ў міжпланетнай і каляземнай прасторах, у атмасферы і біясферы Зямлі. У перыяд максімуму С.а. на Зямлі маюць месца анамальныя з’явы: магнітныя буры, палярныя ззянні, спыненне радыёсувязі на частотах 5—20 Мгц, поўнае спыненне адбіцця ад іанасферных слаёў, раптоўнае ўзмацненне атм. перашкод і інш.Іл.гл. да арт.Пратуберанцы.
Літ.:
Витинский Ю.И. Солнечная активность. 2 изд. М., 1983.
А.А.Шымбалёў.
Утварэнне і рух плям на Сонцы ў перыяд сонечнай актыўнасці (жнівень 1999).